Дзяржаўная ўстанова культуры «Дрыбінскі раённы гісторыка-этнагорафічны музей»

Дрыбінскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей заснаваны 15.02.1995 г. паводле рашэння Дрыбінскага раённага Савета народных дэпутатаў. Для наведвальнікаў адкрыты з 2004 г. Праца музея адрозніваецца нетрадыцыйным напрамкам — вывучэннем унікальнага промыслу Дрыбіншчыны — шапавальства, якому ў 2009 г. прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Пры музеі дзейнічае народнае аматарскае аб'яднанне «Шапавал». У музеі працуюць 6 экспазіцыйных залаў: «Вялікая Айчынная вайна», «Промыслы і рамёствы», «Шапавальства», «Прырода Дрыбінскага краю», «Абразы», «Народнае адзенне». У залах музея дэманструюцца прадметы традыцыйнага народнага побыту Дрыбінскага краю, якія папулярызуюць гістарычныя звесткі, рамёствы і промыслы, існуючыя на тэрыторыі рэгіёна. Агульная колькасць адзінак захоўвання — 3918 экспанатаў (на 01.01.2012 г.). Найбольш значнымі з'яўляюцца калекцыі: «Жывапіс», «Прадметы этнаграфіі і побыту», «Народнае адзенне», якія ўключаюць у сябе шапавальства. Супрацоўнікі музея арганізоўваюць і праводзяць выставы, музейна-педагагічныя заняткі, этнаграфічныя святы, конкурсы, вясельныя абрады, рэгулярна выступаюць з лекцыямі. У п. Расна дзейнічае філіял Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея.